САЮ́З ПАЛЯ́КАЎ НА БЕЛАРУ́СІ,

(СПБ; Związek Polaków na Białorusi), добраахвотнае нац.-культ. аб’яднанне грамадзян Беларусі, якія лічаць сябе палякамі. Створаны ў 1986. Мэты саюза: адраджэнне і захаванне польскай мовы і культуры, ахова помнікаў гісторыі, архітэктуры і экалогіі, каардынацыя сумеснай дзейнасці дзярж. і грамадскіх арг-цый у вырашэнні праблем духоўнага развіцця польскага этнасу на Беларусі. На 1999 у СПБ больш за 30 тыс. членаў. Паводле статута вышэйшым органам СПБ з’яўляецца з’езд, які склікаецца 1 раз у 4 гады. У перыяд паміж з’ездамі саюзам кіруе Гал. праўленне (знаходзіцца ў г. Гродна) на чале са старшынёй. Мае абл., гар., раённыя, мясц. пярвічныя арг-цыі. Найб. абл. арг-цыя пасля гродзенскай — Саюз палякаў на Міншчыне. СПБ удзельнічае ў правядзенні фестываляў, конкурсаў, аглядаў маст. самадзейнасці і інш. Хадайнічае перад Мін-вам адукацыі аб адкрыцці польскіх школ, збірае сродкі на іх фінансаванне. Падтрымлівае сувязі з Польшчай і польскай дыяспарай у свеце. Выдае газ. «Глос знад Немна» і час. «Магазын польскі». Пра нац.-культ. дзейнасць СПБ гл. таксама ў арт. Палякі.

А.​І.​Валахановіч.

т. 14, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)